Глыбіня…
Што значыць жыць? Куды рака цячэ?
Кружыць па тым, куды бяжыць дарога.
Ніхто ад свайго лёсу не ўцячэ,
Не адрачэцца ад сябе самога.
Дай Божа мне з сабой у згодзе жыць.
Куды падзецца ад сябе такога?
Які я ёсць і іншым мне не быць.
Кірункам лёсу сцелецца дарога.
Хто скажа мне, як трэба сёння жыць,
За што любіць і чым быць апантаным?
Каго кахаць і як праўдзівым слыць?
У чым лічыць сябе ў жыцці прызнаным?
Хто мне напомніць пра сяброў былых.
Чаго хацеў, на што не маю права?
Пяройме раптам адзінота дых.
Ці менш, ці больш сяброў – якая справа.
І што прыпомніць мне, былая даўніна?
І як мне падлічыць былыя страты?
Хто мне падкажа ў чым мая віна?
Хай без віны я буду вінаваты!
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
Оставить рецензию