Дзяцінства час…
Усцяж лясоў гародзенскай зямлі,
Дзе Свіцязь хвалі ў берагі калыша.
Шляхі майго дзяцінства праляглі
На схілах Наваградскага ўзвышша.
Часоў дзяцінства цёплы ўспамін,
Дзе рукі маці пахнуць сырадоем,
Пара шчаслівых дзён, часоў, хвілін,
Напоўненых пяшчотай і спакоем.
Сваё дзяцінства часта бачу ў снах –
Я там сярод лясоў, лугоў і рэчак.
Маяк вайсковы высіцца, як гмах,
І я на ім, хлапчына-чалавечак.
Я зазірнуў адтуль за небасхіл,
Дзе ранкам сонца промні выпускае.
А вечар зорны рассыпае пыл,
І колам поўні месяц прырастае.
Ад ветру там, перыпыняўся рух
На лесвіцы апошняга скляпення,
Цярпенне, мужнасць уздымалі дух
Да пачуцця птушынага парэння.
Страх, асалоду, веліч вышыні
Мая з дзяцінства памяць захавала,
Трапеча сполах сэрца ў цішыні,
Дзе ўвысь душа калісці парывала
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
Оставить рецензию