Цвыркуны праводзяць жнівень…
***
Цвыркуны праводзяць жнівень.
Так стракочуць за акном!
Я з гадамі больш шчаслівы:
Ёсць свой сад і ўласны дом,
Ёсць з кім раздзяліць вячэру,
Каб не ворагу аддаць,
Ёсць і тыя, каму веру
І якіх мне не прадаць.
Тая ёсць, якой не здрадзіць
І якую так люблю!
І з суседам магу ладзіць,
А не ладжу, дык цярплю…
Больш шчаслівы я з гадамі,
Ды шкада, бягуць гады…
Рай ужо не за гарамі,
Ды не хочацца туды.
Цвыркуны праводзяць жнівень
І стракочуць за акном.
Поўны месяц белагрывы
Адлівае серабром…
23. 08. 2026 г.
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
Оставить рецензию