Чытаю вершы пра Радзіму…
***
Чытаю вершы пра Радзіму
І пра духоўны заняпад…
Гляджу на сінь густога дыму,
Што апускаецца на сад.
Стары сусед у грубцы паліць.
Аблокі шэрыя плывуць.
Верш пра Радзіму не разжаліць.
Радзімай зараз не жывуць.
Жывуць грыбамі, агародам,
Ваеннай пенсіяй жывуць…
І абезмоўленым народам.
Аблокі шэрыя плывуць…
Гляджу на сінь густога дыму.
Дождж лістападаўскі імжыць.
Чытаю вершы пра Радзіму
І думаю, як ёй пражыць…
12. 11. 2023 г.
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
Оставить рецензию