Беларускі месяцовы каляндар
Не “октябрь” і не “декабрь”,
Беларусам Божы дар.
Надвор’я і быту ён люстэрка –
Наш беларускі каляндар.
І хаця змяніўся клімат,
У прыродных з’явах пэўны зрух,
Імены месяцаў на справе
Нам лашчаць душу, крэпяць дух.
Іх назвы існуюць спрадвеку.
Уражвае іх трапнасць нас.
Яны, як компас чалавеку,
Вядуць яго праз лёс і час.
Пачынае яго студзень –
Года новага выток.
Апранайся, бо застудзіць,
Еш капусту і часнок!
Студзіць, студзіць месяц студзень.
Правярае сівавусы,
Ці ўцяплілі свае хаты,
Ад марозаў беларусы.
Ці хапае на ўсю зімку
Што паесці і папіці.
Ці накормлена жывёла
Каб жывой з-пад зімкі выйсці.
Зімы канец вяшчае люты,
Але ж не хоча саступаць,
І халоднымі вятрамі
Злавацца будзе і лютаваць.
Гурбы снегу намяце,
Камусь вушы адмарозіць.
Неспадзявана ўначы
Віхуры з поўначы прыносіць.
Сакавік бакі прыгрэе,
Нам крыху сонца прынясе.
Сок ідзе ўжо па дрэвах,
Будзіцца прырода пакрысе.
Набракаюць ужо пупышкі,
І птушкі з выраю ляцяць.
Будуюць гнёзды дзесьці ўвышку.
Іх спеў там-сям ужо чуваць.
Красавік – ён імя гэта
Не задάрма атрымаў:
Гэты месяц для паэтаў –
Ён натхнення ім надаў.
У траўні месяцы звычайна
Траву касілі па расе.
А тым, хто ў агародзе дбайны,
Багата восень прынясе.
А чэрвень – гэта месяц фарбаў.
Мора кветак, смак чарніц.
Як да шлюбу лес адзеты,
З водарам маліны і суніц.
Нектар збіраюць пчолкі з ліпы,
Нясуць рупліва да вулля.
“Лета пуп”,- кажуць пра ліпень,
“Яму пашана і хвала!”
На полі жыта каласіцца,
На дачы ўжо гуркі пайшлі,
Ад кабачкоў нельга адбіцца –
Здабытак матухны-зямлі.
Жніво ў жніўні, на палетках
Збіраюць добры ураджай.
І колькі намалоціш збожжа,
Такім і будзе каравай.
Верасень – адметны месяц:
У верасовым у бары,
Стаяць баравікі як вежы,
Хоць ты мяшкамі іх бяры!
Яшчэ ў верасні звычайна
Падводзяць вынік ураджаю.
Хто працаваў у полі дбайна,
Дажынкі весела спраўляе.
І можа з гонарам пакласці
На важкі вераснёвы стол
Гародніну і садавіну,
І свежыя, і разнасол.
Кастрычнік – гэта месяц лёну,
Лен білі, мялі і трапалі.
І аддзялялася кастра,
А з валакна тканіну ткалі.
Затым льняное палатно –
Адбельвалі і добра мылі,
З яго сукенкі і кашулі
Для беларусаў модных шылі.
Бялёнае ў расе халоднай,
І фарбай, як кара бяроз –
Пашытае з яго прыемна
Насіць і ў спеку, і ў мароз.
Раней насілі лён усе,
Адзенне не было сярмяжным.
Пацелі не ад вопраткі зусім,
А толькі мо ад працы цяжкай.
Адсюль і назва беларуса –
Бо белае адзенне ён насіў.
Яшчэ, што беларус быў русы
і хрысціянін у душы.
У лістападзе ліст злятае
Самотна, бо ідзе зіма.
Чакаць прыдзецца вельмі доўга
Зяленай траўкі і цяпла.
Пакрывае зямлю снежань
Белым дываном снягоў
І год сабою закрывае
– цудоўны каляндар бацькоў!
Падзякаваць павінны продкам,
Якія захавалі ў дар –
Сваім нашчадкам дынамічны,
Змястоўны і прыгожы каляндар!
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2025, Стихи.Бай
4 рецензии на 'Беларускі месяцовы каляндар'
Олег
23.02.2024 - 14:43Малайчына! Але можна яшчэ папрацаваць над вершам, удакладніць (скажам, верасень)
Александр Ладисов
24.02.2024 - 08:16Дзякуй! А што з вераснем не так?
Natali Murr
25.04.2024 - 19:00Добры дзень! Добры верш! Можна чытаць дзеткам і выкарыстоўваць на ўроках. Для дасканаласці трэба звярнуць увагу на знакі прыпынку і слова дзесЬці. Верш вельмі маляўнічы, прыгожы. Вы – таленавіты чалавек! Дзякуй Вам!
Александр Ладисов
25.04.2024 - 19:10Дзякуй за каментар! Наконт «дзесьці” маеце рацыю, мая памылка, а вось наконт знакаў прыпынку з Вамі не пагаджуся – гэта ўсе аўтарскае.