Асірацелыя унукі…

Парос травой сцяжынкі след,
Рыпяць навесы тонка ў сенцах ,
Не сустракае ўнукаў дзед,
Няма святла ў яго акенцах.

Не паднясе нас на плячы,
Уняўшы моцнымі рукамі.
А ў снах прыходзіць уначы,
І размаўляе шчыра з намі.

Апавядае аб былым
Што не вярнуць і не паправіць,
Аб асабістым, аб сваім,
Аб чым маўчыць людская памяць.

А мы, на голас з небыцця,
Праз сон да дзеда цягнем рукі:
Нашчадкі новага жыцця –
Асірацелыя ўнукі.

Зайздросціў я сябрам маім:
Дзядулі іх – ардэнаносцы
Свайго ж, не бачыў я жывым,
І шмат такіх было на вёсцы.

Праходзіў час і ў пэўны год,
Медалі мелі ветэраны.
А ён не мае ўзнагарод,
Нідзе нікім не пахаваны.

Без вестак згінулі яны,
Дзеля агульнай перамогі.
Айчыны годныя сыны,
Салдаты вогненнай дарогі.

Маўклівым сведкам той пары:
Салдатам помнік безіменны.
Самотнай зоркай у муры,
Агонь палае векавечны.

Былой вайны затух пажар,
Ды крывацёкам сочаць раны.
Час адкрываяе спіс ахвяр,
Свет зноў вайною апантаны.

Сусветнай новаю вайной,
Грашаць імперскія дзяржавы
На смерць, на жудасны разбой
Людзей кідае час крывавы.

Паўстаў сцяной ваенны пыл,
Закрыўшы свету безліч страты,
Пад векавечны плач магіл
Непахаванага салдата…


Пожаловаться на стихи

Оставить рецензию

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Стихи.бай