Аб Палешуках

Адметны вобраз той зямлі –
На крылах бусел у палёце.
Спрадвеку продкі тут жылі
Так, як умелі, як маглі,
У гурце, ,,людзі на балоце”…

Нашчадкі тых дрыгавічоў,
Працоўны люд, душой адкрыты.
Спаміж балотаў і лясоў
Трываў іспыт ліхіх часоў
Род паляшуцкі цягавіты.

Квітнелі нівы і палі
Як вынік цяжкай шчырай працы,
У горы – радасці жылі
І гонар меў надзел зямлі
Быў пэўнай меркаю багацця.

Ішлі вякі, змяняўся час,
Ды быў нязменны ў пакаленнях
Ваш дыялект, і кожны з вас
Заўжды ў душы трымаў наказ
Захоўваць продкаў вымаўленне.

І вы ад продкаў прынялі:
Шлях адраджэння свайго краю
І ў вышыванках збераглі
Матывы роднае зямлі
Узлёт і чырвань небакраю.

А песні вашы, нібы сон,
Гучаць распеўна, сакавіта,
Плыве ўвысь чароўны звон
Дзе радасць чуецца і стогн
Душы да Госпада адкрытай.

Вайна наведвала не раз,
Ірвала лёс калючым дротам.
Край партызанскім стаў падчас,
І зберагала часта вас
Непераходнае балота.

Грамілі ворагам шляхі,
І ў дзень і ноччу да знямогі,
Трывалі людзі час ліхі
Спаміж смяротнае тугі
У накірунку перамогі.

Пасля вайны стаў мірным час
На радасць новых пакаленняў.
Жыла надзея ў кожным з вас,
Здабыткам працы рос калгас
У накірунку дасягненняў.

Ды ў пэўны час і зноў бяда,
Паўстаў злачынцам ,,мірны” атам.
Зямля гарэла і вада
Агнём пякельнага суда,
Напругай тысяч кілаватаў.

І сёння ў сэрцах боль шчыміць,
Балячкі гэтай час не гоіць.
Дакуль на свеце маем жыць
Жалобнай свечкаю гарыць
Чарнобыль болем сэрцы кроіць.

Бацькоўскі дом, сям’я і быт –
Стаўпы жыцця палескай вёскі.
Жыве мясцовы каларыт
І сілу чэрпае і спрыт
Цераз былога адгалоскі.

Ваш край і ў будучых вяках
Хай напаўняе Божа міласць,
Няхай жыве ў палешуках
Здабыткам шчасця ў руках,
Адкрытасць, шчырасць, працавітасць!..


Пожаловаться на стихи

Оставить рецензию

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Стихи.бай