Як я жыў без цябе?
Як я жыў без цябе́? I не ве́даў, што не́дзе на све́це,
За глухі́мі ляса́мі, за со́тнямі ўзго́ркаў і меж,
Не на да́льнім сузо́р’і, а ў нас на плане́це
Ты ў зялёным і ці́хім заву́лку жыве́ш.
Як я жыў без цябе́? А маглі́ ж не сустрэ́цца ніко́лі,
За паўкро́ку адно́ аднаго́ абміну́ць,
Разысці́ся, як сце́жкі расхо́дзяцца ў по́лі,
I не знаў бы, за стра́ту каго́ папракну́ць.
Ма́быць, трэ́ба было правалі́цца ў пекла,
Тра́ціць блі́зкіх, паку́таваць, ме́рзнуць, гарэ́ць,
Ратава́цца, каб лю́тая сцю́жа не ссе́кла,
Каб цябе́ пад палярнаю зоркай сустрэць.
I пазна́ць, I адра́зу забы́цца аб кры́ўдзе,
Каб уба́чыць праме́ньчыкі ў зрэнках тваіх,
Нарадзі́цца ізно́ў I паве́рыць, што пры́йдзе
I збаве́нне, і шча́сце адно́ на дваі́х;
Падабрэ́ць, памякчэ́ць, назаўсёды скары́цца
Непадку́пнай, суро́вай тваёй чысціні́,
Каб істо́ты тваёй адкрыва́ць таямні́цы,
Каб душу́ гартава́ць на высо́кім агні́.
Час ляці́ць і ляціць, завіру́ха заве́яла скро́ні,
Пакіда́юць насе́чкі гады́ на ілбе́.
Я гляжу́ на цябе́, я дзіўлю́ся і сёння,
Чым я жыў без цябе́, як я жыў без цябе?
Аўтар верша Сяргей Іванавіч Грахоўскі
Музыка і выкананне нейрасеціва SUNO
https://suno.com/song/3d151d30-f380-4bf0-af5f-0cfc9e5bd382
https://suno.com/song/16a189d0-ccb2-4b36-9afa-47927349801e
Далучайцесь https://suno.com/@thinkingstardust
Защищено Google CAPTCHA. Политика конфиденциальности и Условия использования. Copyright 2024, Стихи.Бай
Комментировать